Абраз Езуса Міласэрнага

Абраз Езуса Міласэрнага. Мастак Яўген Казіміроўскі. Вільня, 1934 г

Я даю людзям начынне, з якім яны павінны прыходзіць па ласкі да Мяне. Гэтым начыннем з’яўляецца гэты абраз з надпісам: Езу, давяраю Табе” (Дзённік, 327)

Плоцк, 22 лютага 1931 г. Святая сястра Фаўстына Кавальская пісала ў сваім „Дзённіку”:

Увечары, калі я знаходзілася ў келлі, убачыла Езуса Хрыста, які быў апрануты ў белае адзенне. Адна Яго рука была ўзнятая для благаслаўлення, а другая дакраналася да адзення на грудзях. Са складкі на грудзях сыходзілі два вялікія прамяні: адзін чырвоны, а другі бледны. Моўчкі я ўглядвалася ў Пана, душа мая была ахоплена бояззю, але і вялікай радасцю. Праз хвіліну Езус мне сказаў: Намалюй абраз паводле выявы, якую ты бачыш, з подпісам: „Езу, давяраю Табе“. Прагну, каб гэты абраз быў шанаваны найперш у вашай капліцы і ва ўсім свеце.

Я абяцаю, што душа, якая будзе ўшаноўваць гэты абраз, не загіне. Абяцаю таксама ўжо тут, на зямлі, перамогу над непрыяцелямі, і асабліва ў гадзіну смерці. Я сам буду ахоўваць яе як сваю хвалу.” (Дзённік, 47-48)

Я жадаю, каб было свята Міласэрнасці. Я хачу, каб гэты абраз, які ты намалюеш пэндзлем, быў урачыста асвечаны ў першую нядзелю пасля Вялікадня, гэтая нядзеля павінна стаць святам Міласэрнасці.” (Дзённік, 49)

Я хачу, каб святары прапаведвалі пра Маю вялікую міласэрнасць да грэшных душаў. Няхай грэшнік не баіцца прыблізіцца да Мяне. Мяне паліць агонь міласэрнасці. Я хачу выліць яго на душы людзей.“ (Дзённік, 50)

Крыху пазней Пан Езус растлумачыў значэнне прамянёў у гэтым вобразе:

Прамяні на гэтым абразе азначаюць кроў і ваду — бледны прамень азначае ваду, якая апраўдвае душы; а чырвоны азначае кроў, якая з’яўляецца жыццём душы. Яны выплываюць з Майго Сэрца, якое было адкрытае на крыжы. Гэтыя прамяні засланяюць душы ад гневу Айца Нябеснага. Шчаслівы той, хто будзе жыць пад іх заслонаю, бо яго не дасягне справядлівая рука Бога.” (Дзённік, 299)

Таму прыйшлі жаўнеры і паламалі галені першаму і другому, якія былі ўкрыжаваныя разам з Ім. Калі падышлі да Езуса і ўбачылі, што Ён ужо памёр, не ламалі Яму галені, толькі адзін з жаўнераў прабіў дзідаю Ягоны бок, і адразу выцекла кроў і вада. (Евангелле паводле святога Яна 19, 32-34)

Аднойчы, калі я была ў мастака, які малюе гэты абраз, і ўбачыла, што абраз не такі прыгожы, як Езус, я моцна гэтым засмуцілася, аднак схавала гэта глыбока ў сэрцы. Калі мы выйшлі ад таго мастака, маці настаяцельніца засталася ў горадзе, каб уладзіць розныя справы, а я адна вярнулася дадому. Я адразу ж пайшла ў капліцу і моцна плакала. Я сказала Пану: „Хто Цябе намалюе такім прыгожым, якім Ты ёсць?“ Тады я пачула такія словы: „Не ў прыгажосці фарбаў ці пэндзля веліч гэтага абраза, а ў Маёй ласцы“ (Дзённік, 313)

Абраз Езуса Міласэрнага, Адольф Гіла, 1944 г.

Вытрымкі з “Дзённіка” Святой сястры Фаўстыны

Чалавецтва не знойдзе супакою, пакуль з даверам не звернецца да Маёй Міласэрнасці.” (Дзённік, 300)

Я пасылаю цябе да ўсяго чалавецтва з Маёю міласэрнасцю. Я не хачу караць збалелага чалавецтва, а прагну яго вылечыць, прытуляючы да свайго міласэрнага сэрца.” (Дзённік, 1588)

Я горача жадаю, каб увесь свет спазнаў Міласэрнасць Маю; невымерныя ласкі Я жадаю ўдзяляць душам, якія давяраюць сябе Маёй Міласэрнасці.” (Дзённік, 687)

Сваёю міласэрнасцю Я пераследую грэшнікаў на ўсіх шляхах іх, і радуецца Маё Сэрца, калі яны вяртаюцца да Мяне. Я забываю пра горыч, якою яны паілі Маё Сэрца, і радуюся іх вяртанню.” (Дзённік, 1728)

Дзеля грэшнікаў я праліў Кроў, няхай жа яны не баяцца наблізіцца да Мяне, бо ім найбольш патрэбна Мая Міласэрнасць.” (Дзённік, 1275)

Напішы, што Я прамаўляю да іх праз дакоры сумлення, праз няўдачы і цярпенні, праз буры і перуны, прамаўляю праз голас Касцёла, але калі яны Мае ласкі робяць дарэмнымі, пачынаю гневацца на іх, пакідаю іх на волю лёсу, даю ім тое, чаго прагнуць.” (Дзённік, 1728)

Бібліяграфія

Божая міласэрнасць у маёй душы, Дзённік святой Фаўстыны

Першае поўнае афіцыйнае рыма-каталіцкае выданне Новага Запавету па-беларуску (Мінск, 2017)

Спасылкі

www.catholic.by

www.naracz.by

www.ave-maria.by

www.media.catholic.by

www.dialog1994.by