01. Дзякуй Табе, Божа!

Божа, я ўдзячнае табе за надзею і ўмацаванне, якія Ты мне даў ва ўсіх цяжкіх хвілях. Мая барацьба з хваробамі і рознымі цяжкасцямі доўжылася даволі доўга. Я не магу сабе ўявіць, што бы са мной зараз было, калі бы я не пачала шукаць у Цябе дапамогі. Я магу толькі здагадвацца, слухаючы аб прыкладах людзей, якія апынуліся ў палоне адчаю і сумневу.

Ісус, дзякуючы Табе я здолела перажыць самыя цяжкія становішча і праблемы. Дзякуй Табе за тое, што Ты правёў мяне праз кожную “цёмную даліну”, не даў мне зламацца і падацца адчаю. Ты даў мне сілы, жаданне да жыцця і імкненне пераадолець усе цяжкасці. Для Цябе няма нічога немагчымага! Ты можаш дапамагчы ў кожнай жыццёвай сітуацыі, нават калі яна з’яўляецца вельмі складанай і заблытанай.

Для Цябе няма бязвыхадных сітуацый! У Цябе ёсць моц, каб выцягнуць чалавека з кожнай глыбіні роспачы, сумневу і адчаю. Шмат разоў я была агорнута безнадзейнасцю і не бачыла перад сабой ніякіх перспектыў. Аднак зыходзячы з таго, што я перажыла, я хачу сказаць, што заўсёды ёсць Надзея! Гэтая Надзея – Ты, Ісус Хрыстос. Ты нібыта агеньчык, што свеціць у безгранічнай цемры вакол мяне, каб паказваць мне правільны кірунак і быць для мяне выратаваннем.

Тым, што сёння я магу нармальна жыць і працаваць, я абавязана толькі і выключна Табе, Госпадзе. У абставінах, якія значна перавышаюць чалавечыя магчымасці, і ў сітуацыях, па-чалавечы безнадзейных, кожны чалавек адчувае сябе слабым і бездапаможным. У такія моманты толькі Ты з’яўляўся і з’яўляешся для мяне крыніцай сілы. Сёння я ведаю, што няма бязвыхадных сітуацый. Я кажу так, бо я асабіста зведала гэта не толькі на працягу мінулых гадоў, але і далей зведваю, гледзячы на Твае дзеянні ў маім штодзённым жыцці.

Ісус, маё вяртанне да нармальнага жыцця не было бы магчымым без Каталіцкай царквы. У ёй я не толькі ўзнавіла сваё здароўе, але перад усім, атрымала новае жыццё.

Дзякуй Табе за святыя сакраманты, якія прынеслі мне палягчэнне і сталі крыніцай майго фізічнага і духоўнага ўзмацнення.

Ты самы лепшы доктар, а малітва для мяне была і ёсць быццам пастаянна прымаемы лек.

Сёння я ўжо не ў стане падлічыць, колькі святароў малілася за маё выздараўленне і колькі свецкіх людзей, прыналежных да Касцёла, згадвалі мяне ў сваіх малітвах. Я вельмі ўдзячная ім усім за тое, што яны звярталі да Цябе свае просьбы, звязаныя са мной.

Дзякуй Табе, Божа!