13. Без прабачэння, няма выздараўлення

Падзеі, падчас якіх я зведала цкавання і яго наступствы – доўжыліся больш за дваццаць месяцаў. Пасля страты пасады ў банку, меў месца шматгадовы працэс выздараўлення і выдалення разбуральных наступстваў мобінга ў маім жыцці. Можна казаць, што астатнія гады – гэта перыяд, які быў вырваны з майго жыцця. Гэта быў час хвароб, пакут і разнастайных праблем – знішчанае здароўе, перарваная кар’ера і адсутнасць прафесійнага росту, вялікія жыццёвыя нягоды. Магчыма страчаны найлепшыя гады майго жыцця, якіх мне ніхто не верне.

Ці ў такім выпадку я крыўдую на сваіх пераследнікаў? Мой адказ кароткі: Не. Сёння я ўжо не крыўдую на іх. Я не гаджуся, не адчуваю абразы, горычы ці агіды. Пачуцці, якія я ўзгадала суправаджалі мяне на працягу ўсіх мінулых гадоў, пакуль я не зразумела, што яны знішчаюць мяне, як і ўспаміны аб мінулым. Але павінен быў прайсці значны перыяд часу, пакуль я захацела і была ў стане прабачыць маіх крыўднікаў. Асабіста для мяне, гэта было зусім нерэальна. Аднак гэта сталася магчымым дзякуючы хрысціянскаму “прабачаю”, якое вызваліла мяне ад пачуцця нянавісці да тых, хто прычыніўся да маёй сітуацыі.

Я даравала сваім пераследнікам, але хрысціянскае прабачэнне аднак не адмяняе правілаў справядлівасці. Гэта не вызваляе выканаўцы ад адказнасці за свае дзеянні. Няўжо крыўда не павінна быць выпраўлена ці кампенсавана?

Зробленае зло ніколі не прынясе трывалага плёну і карысці, а ў выніку, толькі канчатковую паразу тым, хто здзейсніў благое. Усё, што з’яўляецца злом ці мае карані ў зле павінна рана ці позна пасці. Таму што, урэшце рэшт, гэта ДАБРО заўсёды перамагае.

Як ва мне сталася прабачэнне?

Маё выздараўленне пачалося з таго моманту, калі я зразумела, што больш не магу жыць у палоне ўспамінаў і згадак мінулых падзей перыяду маёй працы ў аддзеле кадраў у банку. У той дзень я выразна пабачыла, што ўвесь час я жыву нядаўнім мінулым. У маёй галаве і перад маімі вачыма пастаянна з’яўляліся самыя балючыя сітуацыі, якія выклікалі яшчэ большы боль і горыч. Раптам я зразумела, што несвядома я дагэтуль “знаходжуся” побач з людзьмі, якія прычыніліся да маёй цяжкай сітуацыі. Яны былі са мной кожны дзень, хоць ужо на працягу доўгага часу я з імі не спатыкалася. Міжвольна я думала аб іх так часта, што яны амаль сталі маімі пастаяннымі спадарожнікамі – дома, на прагулцы, у аўтобусе, падчас абеду і г.д. Аднак іх “кампанія” ўсё больш была мне ў цяжар і з’яўлялася прычынай майго большага душэўнага разладу. У дадатак стан майго здароўя ўсё пагаршаўся.

Я пачала думаць аб сітуацыі, у якой я апынулася. Ліхаманкава я шукала якога-небудзь выйсця і пытала сябе, што мне рабіць. Я спрабавала знайсці адказы на дылемы, якія мяне мучылі ў Святым Пісанні і ў хрысціянскай літаратуры. У адной з кніг я прачытала: “Без прабачэння, няма выздараўлення”. Пасля таго як я абдумала гэтыя словы, я прыйшла да высновы, што маё выздараўленне не залежыць ад знешніх фактараў, напрыклад, ад фармакалагічных сродкаў. Праблема маёй хваробы хутчэй з’яўляецца схаванай ува мне, унутры мяне. Гэта там знаходзіцца прычына і крыніца маіх недамаганняў.

Я пачала аналізаваць сваю псіхіку. Хутка і без цяжкасцей я выявіла: тое, што ўва мне робіцца – гэта вялікая эмацыйная бура, якая мае значны ўплыў на маё псіха-фізічнае функцыянаванне. Я прыйшла ды высновы, што калі я хачу поўнасцю вылечыцца, то я павінна цалкам вызваліцца ад прывіду мінулых падзей.

Галоўнай справай для мяне стала праблема пазбаўлення крыўды, прэтэнзій да людзей, якія мяне пакрыўдзілі. Для мяне гэта было вельмі цяжкім, каб пераадолець сябе і дараваць.

Аказалася нават, што па-чалавечы гэта для мяне цалкам немагчыма. Я не была ў стане адкрыцца хрысціянскаму прабачэнню. Бо гаворка ідзе не толькі аб тым каб сказаць слова “Прабачаю”, але перш за ўсё каб прабачэнне адбылося ў маім сэрцы. Я зразумела, што не магу дараваць камусьці страты здароўя і працы, зруйнаванай кар’еры і таксама шмат месяцаў пражытых у боязі і страху. Я зразумела, што я не ў стане зрабіць гэтага самастойна. Я не была здольнай зрабіць гэтага без дапамогі Бога. Тым больш, што мяне прыгнятала вялікая колькасць прычыненай шкоды і болю.

Калі я зразумела, што ў маім выпадку перашкодай да выздараўлення з’яўляецца адсутнасць прабачэння, я пачала маліцца за людзей, якія мяне пакрыўдзілі. Я думала, што гэтага будзе дастаткова. Аднак, крыўда на іх мяне паўсюль суправаджала. Неаднаразова падчас малітвы заступніцтва, якая была накіравана на выздараўленне, да мяне былі скіраваны словы аб неабходнасці прабачэння. Але я асабліва не звяртала на іх увагі. Мне здавалася, што я ўжо даравала ўсім, хто нанёс мне нейкую шкоду. Бо я старалася не думаць аб іх дрэнна, а нават калі ў мяне з’яўляліся якія-небудзь благія думкі аб маіх пераследніках, я адштурхоўвала іх ад сябе, прабуючы за ўсялякую цану ўцячы ад мінулага. Але Гасподзь паказаў мне, што не на гэтым заснавана праўдзівае хрысціянскае прабачэнне.

***

Чым больш часу праходзіла з дня майго звальнення з фірмы, тым больш павялічвалася мая крыўда на віноўнікаў гэтага. З цягам часу ўспаміны ўсё больш і больш захоплівалі мой розум. Мне станавілася ўсё цяжэй на сэрцы і ў выніку я адчула, што я як бы нясу на сваіх плячах неапісальны цяжар, які прыгнятае мяне. Падобнае адчуванне з’явілася і ў вобласці страўніка. Я не ведала, што са мной робіцца і ніяк не магла патлумачыць прычыны і характар майго новага недамагання, якое ўсё болей мяне аслабляла і пазбаўляла сіл. Часам я адчувала такі вялізны цяжар, што мне здавалася, я ўпаду пад яго націскам. Нягледзячы на малітвы і прыняцце сакрамантаў, гэты стан працягваўся далей і захоўваўся на працягу многіх месяцаў.

 Сферы вылячэння

Аднойчы ад сяброўкі я атрымала маленькую кнігу аб прабачэнні. У той час я не магла падумаць, якую вялікую ролю адыграе гэта маленькая, непрыкметная брашура ў маім жыцці. “Малітва прабачэння” – бо гаворка аб ёй – была напісана айцом Робертам дэГрандзісам – амерыканскім каталіцкім манахам, тэолагам і харызматыкам. Кніжачка змяшчала некалькі важных, звязаных з прабачэннем пытанняў, якіх я да таго моманту не ўсведамляла.

А менавіта, чалавек мае патрэбу вылячэння ў пяці сферах жыцця: духоўнай, эмацыйнай, псіхалагічнай, фізічнай а таксама ў стасунках з іншымі. Усе гэтыя вобласці звязаны паміж сабой. Фізічнае або псіхалагічнае вылячэнне не адбудзецца без вылячэння душы. Гэта вынікае з таго, што крыніцу шматлікіх хвароб і недамаганняў трэба шукаць у духоўнай вобласці. Пытанне аб прабачэнні адносіцца да духоўнай сферы і таму не можна казаць аб поўным выздараўленні без прабачэння. Нашыя асабістыя грахі і грахі людзей, якіх мы сустрэлі ў нашым жыцці – прычыны шматлікіх траўмаў.

Рэдка мы разумеем, як шмат у нас душэўных ран, якія з’яўляюцца вынікам трагічных падзей у нашым жыцці. Сітуацыі, якія нас паранілі, мы звычайна хаваем у сваёй падсвядомасці, якая з’яўляецца бяздонным складам паміж іншым таго, што было балючым і цёмным у нашым мінулым. Калі туды паглядзець, то колькі ж там можна была бы знайсці цёмных эпізодаў, якія маюць уплыў на нашае цэлае жыццё і адмоўна адбіваюцца на здароўі і самаадчуванні. Падсвядомасць хавае тое, аб чым мы магчыма не памятаем, але што мае ўплыў на нас і нашае сучаснае і будучае жыццё.

“Большая частка траўмаў схавана ў нашай падсвядомасці і жыве там сваім уласным жыццём. Нашая падсвядомасць, як нябачная частка айсберга, які на 4/5 схаваны пад вадой і толькі на 1/5 бачны на паверхні. Балючыя для нас успаміны, якія там захоўваюцца для нас недаступны, але “ўсплываюць” на паверхню ў выглядзе гневу, пастаяннага раздражнення, горычы, адсутнасці асалоды ад жыцця, хранічнай стомленасці, а таксама фізічных хвароб. Таму мы павінны прасіць Госпада, каб Ён выцягнуў з нас гэтыя балючыя падзеі, каб мы праз малітву маглі прабачыць усім, хто нас пакрыўдзіў і, дзякуючы чаму, мы таксама атрымаем выздараўленне”[1], – тлумачыць айцец дэГрандзіс.

Я не ўтойваю, што я трошкі баялася вяртання да мінулага, у прыватнасці да непрыемных і балючых падзей. На маё шчасце, тады мне ўспомніліся, пачутыя некалі словы пэўнага святара:

– Падумай чаго ты хочаш: выздараўлення ці абязбольвання? Калі ты хочаш выздараўлення, тады ты павінна лічыцца з тым, што будзе балюча. Бо трэба дакрануцца да балючых ранаў, дасягнуць іх глыбіні, ачысціць з таго, што перашкаджае ране зажыць і такім чынам пачаць сапраўднае лячэнне. У адваротным выпадку, адбываецца толькі павярхоўнае лячэнне, памяншаючы толькі боль і пакуты, не кранаючы прычыны і карані ранаў.

Малітва прабачэння і вяртанне ў мінулае

Я прыслухалася да парады айца дэГрандзіса і адмаўляла малітву прабачэння на працягу наступных 30 дзён. Не абышлося, аднак, без першапачатковых цяжкасцяў. Малітву неабходна адмаўляць штодзённа, а я ўжо пасля некалькіх дзён пераставала маліцца. Толькі з трэцяй спробы я вытрымала да трыццатага дня малітвы.

Гэта было неверагоднае падарожжа ў мінулае, да падзей, якія, пачынаючы з дзяцінства, нагадалі мне людзей, з якімі я сустракалася. Я ставілася да гэтага вельмі сур’ёзна. Я стварыла спіс, у які ўпісвала ўсіх людзей, якія зрабілі мне нешта дрэннае. Пазней я пашырыла яго тымі, хто неабавязкова мог пакрыўдзіць мяне непасрэдна. Да гэтай групы я адносіла людзей, да якіх я адчувала хоць якую-небудзь крыўду, напрыклад, за абыякавасць, не аказанне дапамогі і адсутнасць зацікаўленасці ў цяжкія для мяне часы.

Такім чынам, спіс не абмяжоўваўся толькі маімі пераследнікамі, людзьмі якіх я сустрэла на працы і якія былі непасрэднымі выканаўцамі маёй тагачаснай сітуацыі. Калі я скончыла трыццацідзённы этап малітвы, я налічыла некалькі сотняў людзей, якія нейкім чынам, нават трошкі, пакрыўдзілі мяне ў мінулым. Я малілася за іх і прасіла Госпада, каб Ён прыйшоў да мяне з ласкай прабачэння да іх усіх.

Вяртанне да ўспамінаў апынулася балючым напамінам падзей, якіх мне не хацелася памятаць. Як на экране тэлевізара я наноў аглядала сваё мінулае. Я адчувала, што чым болей я ангажавалася ў малітву, тым больш узрастала крыўда, горыч і цяжар, якія і так да гэтага на мяне ціснулі. Часта мне рабілася млосна і фізічна я адчувала сябе вельмі дрэнна. Але я была ўпэўнена, што гэта адзіная правільная дарога да выздараўлення.

Плён малітвы прабачэння

Ужо прыкладна праз 20 дзён малітвы, як абяцаў айцец дэГрандзіс, з’явіўся першы плён. Знік цяжар, які я дагэтуль адчувала на плячах і ў вобласці страўніка. Саступіла крыўда, горыч і прыгнечанасць, а замест іх у маім сэрцы з’явілася радасць і спакой. Таксама я заўважыла паляпшэнне адносінаў з людзьмі, з якімі мне дагэтуль было асабліва цяжка. Для мяне гэта быў знак, што Гасподзь пачуў мае малітвы і прыйшоў з ласкай прабачэння.

На падставе таго, што я перажыла я магу сказаць, што прабачэнне – гэта Боская ласка, бо ніхто з нас не можа прабачыць самастойна. Прабачэнне не адбываецца толькі словам. Прабачэнне – гэта акт волі, які ідзе з глыбіні сэрца. Гэта ў сэрцы нараджаецца імкненне да прымірэння. Чым яно мацней, тым больш чалавек адчыняецца, да прабачэння тых, хто яго пакрыўдзіў.

Не заўсёды гэтае жаданне лёгка ўзнікае і саспявае. Бо чым большая крыўда і траўма, тым цяжэй прымірыцца з крыўднікам. Для сапраўднага прабачэння кожнаму патрэбна Божая ласка. Толькі пры падтрымцы Добрага і Любячага Бога можна прыняць усялякія перажытыя пакуты і паглядзець на іх у святле Евангелля.

Малітва – гэта тое, што адчыняе нас да Божай ласкі прабачэння. Настойлівая і руплівая малітва з’яўляецца ключом да выздараўлення.

Таму варта штодзённа адмаўляць малітву прабачэння, каб сістэматычна давяраць Богу справы, якія тычацца людзей, з якімі мы сустракаемся кожны дзень.


[1] O. Robert deGrandis SSJ, Modlitwa przebaczenia, Lodz, 2003