14. Час беспрацоўя

Пасля таго як я страціла працу ў банку на працягу некалькіх месяцаў я была беспрацоўнай. Мае зберажэнні хутка скончыліся і я пачала думаць, што са мной будзе далей. У мяне ж было шмат фінансавых абавязкаў, у тым ліку пазыкі і крэдыт за жыллё. Дайшло да таго, што каб разлічыцца, я карысталася дапамогай мамы, а таксама мне прышлося пазычаць грошы ў сяброў. Таму мне трэба было тэрмінова шукаць новую працу. Але гэта не было так лёгка, бо ў той час я была вельмі хворая і аслабленая.

На працягу наступных месяцаў рознымі спосабамі я шукала працу – гартала аб’явы ў газетах, рассылала сваё рэзюмэ, пытала знаёмых ці выпадкова яны не чулі аб свабодных вакансіях і дамаўлялася на сумоўі з працадаўцамі. Аднак усе гэтыя намаганні аказаліся беспаспяховымі.

Маё рэзюмэ “ўражвала” наяўнасцю кваліфікацыі і стымулявала патэнцыйных працадаўцаў да запрашэння мяне на сумоўе. Але што з гэтага, калі я ўжо пасля першай размовы ведала, што не атрымаю прапанаванай пасады.

Справа была ў тым, што я не была ў стане прайсці любое сумоўе пазітыўна. У той час у мяне былі настолькі слабыя нервы, што я пачынала хвалявацца ад самой думкі пра размову з працадаўцам. У ходзе сумоўя я адчувала моцнае нервовае напружанне, якое мяне цалкам паралізавала. Гэта не залежыла ад мяне. У мяне дранцвела сківіца, я невыразна казала, з вялікай цяжкасцю працэджвала асобныя словы праз зубы.

Здаралася, падчас размовы раптам я запіналася і не мела сілы працягваць размову. Мне здавалася, што пераставалі працаваць усе мышцы, якія выкарыстоўваюцца ў працэсе гаворкі. Я была нямоглая і бездапаможная, разумеючы, што не магу зрабіць абсалютна нічога, каб палепшыць сваё вымаўленне. Таму няма нічога дзіўнага, што мой стан адпужваў працадаўцаў, якія звычайна больш са мной не звязваліся.

***

Час ішоў, а я ўсё яшчэ была без працы. У самым пачатку пошукаў я вырашыла шукаць працу згодна са сваім папярэднім досведам, менавіта ў сферы кіравання персаналам. Але з цягам часу я зразумела, што ў мяне малы шанец вярнуцца да гэтай прафесіі з-за дрэннага стану здароўя. Тады я вырашыла старацца атрымаць працу на іншыя прапанаваныя пасады, у выпадку якіх я цалкам або часткова адпавядала патрабаванням. Але ўсё роўна безвынікова.

Я станавілася ўсё болей падаўленай сваім становішчам. У рэшце рэшт, я вырашыла пашукаць хоць нейкую працу, каб мець сродкі да існавання. Маё матэрыяльнае становішча было тады зусім трагічным, бо мне практычна не хапала сродкаў на жыццё. Па гэтай прычыне, мне было ўжо ўсё роўна, кім я буду працаваць: менеджэрам, спецыялісткай, сакратаркай, прыбіральшчыцай і г.д. Мела значэнне толькі адно – праца. Але і надалей як яе не было, так і не было.

На працягу ўсяго перыяду маёй хваробы і беспрацоўя я шмат малілася і прасіла аб змене маёй сітуацыі. У той час я адчувала блізкую прысутнасць Госпада ў маім жыцці. Так складалася, што на маім шляху я заўсёды сустракала людзей, якія рознымі сродкамі мне дапамагалі. Часам гэта была матэрыяльная дапамога, іншым разам – добры савет і псіхалагічная падтрымка. Нягледзячы на шматлікія цяжкасці, я заўсёды атрымлівала дапамогу ад Госпада і людзей, калі я мела ў ёй патрэбу.

Я атрымлівала велізарную падтрымку ад малітвы. Нягледзячы на безнадзейнасць майго становішча, я не была падаўлена і ў вельмі цяжкія часы з надзеяй глядзела ў будучыню. Калі мяне пачынаў ахопліваць сумнеў і чорная роспач, тады я брала ў рукі Святое Пісанне і чытала яго так доўга, пакуль не пачынала адчуваць спакой і ўзмацненне. Часта пасля разважання над вершамі з Бібліі і малітве, мяне ахоплівала неапісальная радасць.

Аднаго разу я запісала ў сваім дзённіку:

“Сёння ў маёй кішэні знаходзіцца толькі чатыры злотых, але я самы шчаслівы чалавек у свеце”.

Я моцна верыла, што як у выпадку выздараўлення, так і ў справе пошукаў працы Ісус мне дапаможа. Я ўвесь час малілася і не страчвала надзеі, што ў адзін дзень я знайду працу.