20. Малітва мае моц крануць Неба і Зямлю

Прасіце, і будзе дадзена вам; шукайце, і знойдзеце;

стукайце, і адчыняць вам.

Бо кожны, хто просіць, атрымлівае;

і хто шукае, знаходзіць;

і хто стукае, таму будзе адчынена.

(З Евангелля паводле Мацвея. 7, 7-8)

Наступная гісторыя распавядае аб сіле малітвы заступніцтва ў “барацьбе”, якую я вяла з жыллёва-будаўнічым кааператывам і з сіндыкам[1] у справе маёй кватэры.

У 1999 годзе я вырашыла купіць сабе новую кватэру. У той час я працавала ў банку, мела вялікія заробкі, таму існавала магчымасць атрымаць крэдыт у банку на набыццё новай кватэры. Я збіралася купіць яе на першасным рынку нерухомасці і таму мяне цікавілі кватэры на этапе будовы. Пасля пэўнага часу пошукаў я знайшла, прынамсі мне тады так выдавалася, адпаведны жыллёва-будаўнічы кааператыў, які як раз будаваў новае жыллё. Кааператыў рабіў уражанне надзейнага і годнага даверу інвестара, бо ўсе яго дакументы (дазвол на будаўніцтва, праектная дакументацыя, пастановы, рознага кшталту неабходныя дазволы і г.д.) зазначалі, што гэта самавітая фірма.

Пасля доўгіх роздумаў я вырашыла падпісаць з кааператывам дамову куплі-продажу. У хуткім часе я атрымала жыллёвы і спажывецкі крэдыты. І адразу ж выслала на рахунак кааператыва запатрабаваны будаўнічы ўзнос. У канцы красавіка 2001 года, калі будынак быў часткова пабудаваны, я атрымала ключы ад кватэры і хутка ў яе пераехала.

 На жаль, нягледзячы на тое, што я пачала жыць у кватэры, я не стала яе законнай уладальніцай. Чаму? Бо я не магла падпісаць натарыяльна заверанай дамовы. Аказалася, што пасля падпісання шматлікіх дамоў куплі-продажу, кааператыў апынуўся ў 1990 – 2001 гадах у вельмі цяжкай фінансавай сітуацыі з-за непрактычнага і дрэннага кіравання. У тыя ж гады кааператыў узяў велізарныя іпатэчныя крэдыты ў двух банках. Згодна з падпісанымі банкавымі дамовамі, ніводны з жыхароў нашага дому не мог быць законным уласнікам сваёй кватэры, пакуль кааператыў поўнасцю не пагасіць абодва крэдыты. На жаль, у кааператыву не хапіла фінансавых сродкаў як на завяршэнне распачатай будовы, так і на своечасоваю выплату банкаўскіх крэдытаў. Такім чынам, кааператыў апынуўся ў вельмі цяжкай фінансавай сітуацыі: ён не быў у стане ні выплаціць  крэдыты, ні выканаць іншыя абавязкі і аплаты. І гэткім чынам, адбыўся заняпад кааператыва, то бок яго банкруцтва.

За некалькі месяцаў да апавяшчэння банкруцтва кааператыва, усё жыхары нашага дому атрымалі ад яго адміністрацыі інфармацыю, што для нас з’явілася магчымасць стаць законнымі ўладальнікамі нашых кватэр. Была “толькі” адна ўмова: кожны жыхар павінен выплаціць банкам частку даўгоў кааператыва. Толькі пасля выканання дадзенай выплаты, жыхар зможа падпісаць натарыяльны завераную дамову.

У маім выпадку гэта была сума большая за 30. 000 злотых (тады гэта было эквівалентна 10. 000 даляраў). На жаль, я не магла заплаціць такую суму. У студзені 2001 года я страціла працу, потым я была беспрацоўнай на працягу некалькіх месяцаў і, па гэтай прычыне, у мяне з’явіліся вялізныя даўгі. У верасні 2001 года я заснавала сваю ўласную фірму, але на жаль, яна развівалася вельмі-вельмі павольна. З аднаго боку, у той час я ўсё яшчэ вельмі хварэла і была не ў стане актыўна займацца гаспадарчай дзейнасцю, з іншага – усе грошы, якія я зарабляла ішлі на аплату маіх бягучых абавязкаў і пратэрмінаваных плацяжоў. Таму ў мяне не было грошай, каб заплаціць неабходную суму за кааператыў і стаць законным уладальнікам сваёй кватэры.

2004 год – банкруцтва кааператыва

Восенню 2004 года арбітражны суд прызнаў поўную няздольнасць кааператыва выконваць свае абавязкі перад крэдыторамі і абвясціў яго банкруцтва. Суд вызначыў сіндыка для кіравання кааператывам і продажы яго актываў. На момант аб’явы банкруцтва рашэнні папярэдняга кіраўніцтва страцілі юрыдычную сілу. Такім чынам, і мая дамова, падпісаная з кааператывам у 1999 годзе, перастала быць сапраўднай.

Пасля абвяшчэння банкруцтва кааператыва я ўжо не магла нічога зрабіць, каб падпісаць натарыяльны завераную дамову. Больш за тое, да майго здзіўлення я даведалася, што магу страціць маю кватэру і ўвесь выплачаны будаўнічы ўзнос. Выявілася, што законным уладальнікам маёй кватэры з’яўляецца жыллёва-будаўнічы кааператыў-банкрут, Таму сіндык меў магчымасць зрабіць з маёй кватэраў усё, што хацеў. Напрыклад, ён мог прадаць кватэру без маёй згоды і выселіць мяне, пры гэтым не вяртаючы мне заплачаныя грошы. Такім чынам, для мяне пачаўся вельмі складаны перыяд майго жыцця, напоўнены страхам страціць кватэру (а адначасова і дах над галавой), страціць усе грошы, якія былі ўкладзеныя ў жыллё, і няпэўнасцю ў будучыні.

Напрыканцы 2007 года…

Толькі ў канцы 2007 года з’явілася магчымасць таго, што мае клопаты з жыллём будуць вырашаны. У адзін дзень сіндык выклікаў мяне і іншых жыхароў, якія таксама як і я не былі законнымі ўладальнікамі сваіх кватэр. У ходзе сустрэчы нас праінфармавалі аб магчымасці падпісання натарыяльнай дамовы. Але, на жаль, як і некалькі гадоў таму, была ўмова: як мага хутчэй мы павінны заплаціць дадатковую суму грошай. Сіндык даў нам тры месяцы, каб сабраць грошы і зрабіць усе неабходныя фармальнасці. Што тычыцца мяне, я павінна была заплаціць вельмі вялікую, няўяўную тады для мне суму – 56.000 злотых (у той час гэта было каля 18.000 даляраў). Толькі пасля выканання аплаты сіндык быў гатовы падпісаць натарыяльна завераную дамову, і толькі такім чынам я магла стаць уласніцай кватэры.

Студзень 2008

Тры месяцы прайшлі вельмі хутка, а я, на жаль, не змагла сабраць ніякіх фінансавых сродкаў. Банкі, да якіх я звярнулася, адмовіліся даць мне крэдыт. Я не магла атрымаць нават звычайнага спажывецкага крэдыту. Чаму? Прычынай была мая адмоўная крэдытная гісторыя. Я знаходзілася ў спісе ненадзейных даўжнікоў, які вядзе Бюро Крэдытнай Інфармацыі (БІК). Я ўжо раней узгадвала, што я ўзяла два крэдыты на набыццё жылля, а пасля страціла працу і праз некалькі месяцаў была беспрацоўнай. Па гэтай прычыне, у той час я не была ў стане пагасіць свае крэдыты. У сувязі з гэтым я ўвесь час адцягвала ўрэгуляванне пратэрмінаваных плацяжоў і з’явіліся вялікія затрымкі ў аплаце. Такім чынам, маё імя апынулася ў “чорным спісе” БІК-у.

З-за гэтага я не магла заплаціць кааператыву неабходнай сумы грошай у вызначаны сіндыкам час. Таму сіндык рэгулярна выклікаў мяне і пытаў ці я ўжо маю неабходныя фінансавыя сродкі. Ён выклікаў мяне амаль кожны аўторак і кожны чацвер, калі з’яўляўся ў сваім кабінеце ў нашым доме. І амаль кожны раз ён пагражаў мне высяленнем.

У адзін студзеньскі дзень ён ізноў выклікаў мяне да сябе. Гэтым разам у размове прыняў удзел таксама і юрыдычны кансультант сіндыка. Яны вызначылі мне канчатковы тэрмін аплаты да 28 лютага. Пасля заканчэння тэрміну я павінна была атрымаць судовы наказ аб высяленні па патрабаванню сіндыка. Сіндык і яго кансультант апавясцілі мяне:

– Калі вы не заплаціце да канца лютага, то ў пачатку сакавіка вас высяляць.

Я не ўяўляла, дзе ўзяць так шмат грошай і ў такі кароткі прамежак часу. З чалавечага пункту гледжання маё становішча было цалкам безнадзейным і бязвыхадным. Тым не менш я спадзявалася і верыла, што павінна быць нейкае рашэння гэтага цяжкага становішча.

Я вырашыла “крануць Неба і Зямлю…”

Такім чынам, я вырашыла “крануць Неба і Зямлю”. Ужо ў пачатку 2008 года я прасіла шмат людзей аб вялікай малітве да Бога. Гэты былі сотні свецкіх і духоўных асоб з Польшчы і з замежжа, паміж іншым і з Францыі, Італіі, Нарвегіі, Ісландыі, Нідэрландаў і Германіі. У лютым я папрасіла аб малітве таксама і малітоўную групу з харызматычнай супольнасці Абнаўлення ў Святым Духу. З таго часу ўсе гэтыя людзі маліліся аб Божай дапамозе і вырашэнні маёй сітуацыі. Таксама я і мая мама пастаянна маліліся аб шчаслівым выхадзе з цяжкага становішча. У хуткім часе я пабачыла першы плён малітвы.

Люты прайшоў вельмі хутка і даволі ціха. Сіндык перастаў мяне пераследаваць і вызываць у свой кабінет. Хоць я не заплаціла парабаванай сумы, я не атрымала апавяшчэнне аб высяленні. На пачатку сакавіка я адправіла ліст да арбітражнага суда з просьбай аб падаўжэнні тэрміну плацяжу. Неўзабаве я спаткалася з суддзёй, які пагадзіўся на выплату грошай да канца верасня.

Ганна

Сакавік і красавік таксама прайшлі вельмі хутка, а я ўсё яшчэ не ведала дзе знайсці неабходную суму. У маі я зноў папрасіла шмат людзей, каб яны вымаўлялі малітву заступніцтва. Напрыканцы мая мне патэлефанавала мая сяброўка Кася, якая толькі што пераехала са сваёй сям’ёй у новую кватэру ў адным з раёнаў Варшавы.

– Слухай, – сказала Кася,- некалькі дзён таму мы зладзілі вячэру з нашымі новымі суседзямі. Падчас размовы аказалася, што адна з маіх суседак працуе ў банку. Тады я распавяла ёй аб табе і аб тым, што ніводны  банк не хоча выдаць табе крэдыт. Уяві сабе, што гэты чалавек, добраахвотна прапанаваў сваю бескарыслівую дапамогу і сказаў, што з ахвотай табе дапаможа ў атрыманні крэдыту. Яна толькі папрасіла, каб я дала табе яе нумар тэлефону. Патэлефануй ёй і яна напэўна паспрабуе табе неяк дапамагчы.

У хуткім часе я патэлефанавала на ўказаны нумар і такім чынам пазнаёмілася з Ганнай, суседкай маёй сяброўкі Касі. Ганна некалькі гадоў працавала ў банку і вельмі добра ведала рынак банкаўскіх паслуг. Яна вырашыла дапамагчы мне і знайсці банк, які, улічваючы маю сітуацыю, выдаў бы мне крэдыт. Праз некалькі дзён яна звязалася са мной і сказала, што знайшла мне банк, які згадзіўся выдаць мне крэдыт. Напрыканцы чэрвеня я сабрала ўсе неабходныя дакументы і аднесла іх у банк.

Верасень 2008

Прыйшоў верасень, а я ўсё яшчэ не атрымала станоўчай інфармацыі з банку ў справе крэдыту. У пачатку верасня я даведалася, што рашэнне было прыпынена юрыдычным кансультантам банку. Ён не пагаджаўся на выдачу крэдыту, бо ў пазямельнай кнізе кааператыва быў запіс, які выклікаў у яго сумневы. Некалькі супрацоўнікаў банка спрабавалі яго пераканаць у тым, што ён не мае рацыю, але безвынікова. У дадатак з’явілася яшчэ адна праблема: як мага хутчэй я павінна была выплаціць адзін з маіх крэдытаў (спажывецкі крэдыт) і атрымаць пасведчанне ў Бюро Крэдытнай Інфармацыі аб выдаленні майго імя са спіса ненадзейных даўжнікоў.

І што мне пазаставалася рабіць? Канешне, у мяне засталася толькі малітва. У пачатку верасня я ізноў папрасіла аб малітве заступніцтва малітоўную групу Абнаўлення ў Святым Духу. Мы маліліся аб тым, каб юрыст з банка змяніў сваё рашэнне, і каб я атрымала неабходныя фінансавыя сродкі для пагашэння крэдыту.

Два або тры дні пасля малітвы мне патэлефанавалі з банку і сказалі, што юрыдычны кансультант змяніў сваё рашэнне! Новыя юрыдычныя аргументы, якія былі яму прадстаўлены, з’явіліся  настолькі пераканаўчымі, што без далейшых перашкод ён пагадзіўся на выдачу крэдыту. У верасні ў мяне атрымалася цягам 2 дзён назбіраць неабходную колькасць грошай і цалкам выплаціць спажывецкі крэдыт. У хуткім часе таксама мой былы крэдытор звярнуўся ў Бюро Крэдытнай Інфармацыі з заявай аб выключэнні майго імя з “чорнага спісу” нядобрасумленных даўжнікоў.

Кастрычнік 2008

Здавалася, што ўсё было на добрым шляху і ў хуткім часе я змагу заплаціць кааператыву. Аднак напрыканцы верасня адбыўся сусветны фінансавы крызіс. Большая частка банкаў вырашыла прыпыніць выдачу крэдытаў або значна зменшыць іх колькасць. Разам з гэтым былі значна павялічаны патрабаванні крэдытораў да кліентаў У пачатку кастрычніка мне патэлефанавала Ганна, якая сказала мне, што на фінансавым рынку зараз вельмі цяжкая сітуацыя і “мой банк” прыпыніў выдачу крэдытаў амаль да адклікання. Але яна абяцала мне, што паспрабуе даведацца ў банку, дзе яна працуе,  ці ёсць магчымасць выдаць мне крэдыт. Аднак, па яе словах, гэта можа быць вельмі складана, бо яе банк выдае толькі вялікія крэдыты і толькі багатым кліентам.

Я пачала думаць, што мне рабіць далей? І як заўсёды мне ў галаву прыйшла думка, каб і гэтым разам папрасіць людзей аб малітве заступніцтва! 9 кастрычніка адбылася яшчэ адна малітва заступніцтва, падчас якой я малілася разам з малітоўнай групай Абнаўлення ў Святым Духу.

На наступны дзень10 кастрычніка, дзесьці каля поўдня, мне патэлефанавала Ганна з навіной, што яна асабіста спаткалася з генеральным дырэктарам банка і атрымала яго дазвол на выдачу мне крэдыту. Праз дзесяць дзён я падпісала крэдытную дамову з банкам. Банк вырашыў, што перадасць сродкі на рахунак сіндыка пасля таго як я прадстаўлю ім падпісаную натарыяльна завераную дамову.

У той жа дзень я сустрэлася с сіндыкам, каб дамовіцца аб даце падпісання натарыяльна заверанай дамовы. Але і гэтым разам мяне чакаў непрыемны сюрпрыз! Пасля прачытання банкаўскай дамовы, сіндык сказаў, што некаторыя пункты выклікаюць у яго сумневы. Таму ён адмаўляўся падпісваць натарыяльна завераную дамову да таго часу, пакуль банк яе не зменіць. Таксама сіндык настойліва патрабаваў сустрэчы з кіраўніцтвам банка і тлумачэння дадзенай справы. Але банк не меў намеру ні спатыкацца з сіндыкам, ні змяняць дамовы. Служачыя банка патлумачылі гэта тым, што сіндык не з’яўляецца адным з бакоў дамовы. У адказ сіндык сказаў, што ў гэтым выпадку ён не будзе падпісваць аніякай натарыяльна заверанай дамовы.

Таксама і гэтым разам я папрасіла аб малітве людзей з Абнаўлення ў Святым Духу, якія маліліся, каб усе мае справы шчасліва скончыліся. Праз некалькі дзён пасля малітвы банк пагадзіўся спаткацца з сіндыкам. У ходзе размовы, у якой я таксама прымала ўдзел, дырэктар аднаго з аддзелаў банка прапанаваў рашэнне, з якім сіндык ахвотна пагадзіўся.

26 лістапада 2008 года

26 лістапада я і сіндык у прысутнасці натарыуса і супрацоўніка банку падпісалі ў аддзеле банка натарыяльна завераную дамову. Гэта было каля 9.30 гадзін раніцы. Каля 11 гадзіны мне патэлефанавалі з банку і паведамілі, што грошы ўжо былі пераведзены на рахунак жыллёва-будаўнічага кааператыву.

Такім чынам, я стала законнай уладальніцай сваёй кватэры. Усё перашкоды, якія былі на маім шляху да шчаслівага завяршэння справы, былі пераадолены. Гэта сталася магчымым дзякуючы малітве да Бога – вялікай малітве людзей у краіне і за яе мяжой.

Так, гэта была на самой справе вялікая малітва, якая была ў стане крануць Неба і Зямлю!

Слава Табе, Госпадзе, на векі вечныя! Амін.


[1] Сіндык – службовая асоба, якая вядзе судовыя справы якой-небудзь установы.