
Мае бацькі пазнаёміліся праз агульных сяброў. З-за вялікай адлегласці, якая была паміж імі (мама жыла ва ўсходняй, а тата ў заходняй частцы краіны), перад вяселлем яны бачыліся толькі некалькі разоў і не паспелі добра пазнаць характар адзін аднаго. Яны ажаніліся праз некалькі месяцаў пасля “знаёмства на адлегласці”. Пасля вяселля мама пераехала ў другі канец краіны і пасялілася з маім татам і яго бацькамі.
Перад шлюбам мой бацька ўтойваў сваё праўдзівае аблічча. Агульныя знаёмыя таксама не сказалі маёй маме аб благіх схільнасцях майго бацькі. Адразу пасля шлюбу сталася вядомым, што ён вёў даволі грахоўны лад жыцця. Аднак як муж ён не адмовіўся ад сваіх ранейшых паводзін і надалей працягваў цяжка грашыць. Мама з-за гэтага вельмі перажывала. Неўзабаве пасля майго нараджэння, яна сабрала свае рэчы і вярнулася ў бацькоўскі дом ва ўсходняй частцы краіны. Мне было 5 месяцаў, калі мама адышла ад таты. У хуткім часе мае бацькі афіцыйна развяліся.
У маім жыцці больш ніколі не было магчымасці пазнаёміцца з маім татам, бо ён не падтрымліваў са мной зносін. Толькі раз, калі мне было ўжо некалькі гадоў і я хадзіла ў школу, ён прыслаў мне 2 кнігі. Пасля, калі мне было 10 гадоў, агульная знаёмая паведаміла нам, што ён загінуў у аўтамабільнай катастрофе. Як нам казалі, ён проста пайшоў пад колы грузавіка, які імчаўся на вялікай хуткасці.
***
Ішоў час. Мама гадавала мяне самастойна і ніколі больш не выйшла замуж. Яна сцвярджала, што паўторная жаніцьба пасля разводу пярэчыла яе хрысціянскай веры і знішчыла бы яе сяброўства з Богам. Нягледзячы на тое, што мама давала мне вельмі шмат любві і клапацілася аба мне, мне ўсё ж такі не хапала бацькі. З дзяцінства я крыўдавала на яго, за тое, што ён не цікавіўся мной і не падтрымліваў з намі зносін.
Аднойчы я выпадкова пачула размову дарослых, якая мяне вельмі засмуціла. Апынулася, што пасля майго нараджэння бацька сказаў маме, што я не яго дзіця. Я была вельмі прыгнечана гэтай навіной і адчувала сябе вельмі пакрыўджанай.
Той факт, што мой бацька адмовіўся ад мяне як ад сваёй дачкі, пакінуў у маім сэрцы вялікую рану. Гэта аказала вельмі негатыўны ўплыў як на мае паводзіны ў дзяцінстве, так і на маё далейшае жыццё. Ужо ў ранішнім дзяцінстве я была вельмі нервовай, крычала без прычыны і не было ніякай магчымасці мяне супакоіць. Калі хто-небудзь узгадваў бацьку, найчасцей, я рэагавала злосцю і крыкам. Мне нават не падабалася, калі нехта проста казаў яго імя ў маёй прысутнасці.
З цягам часу я перастала паводзіць сябе так нервова, але затое я пачала пазбягаць кампаніі, ізалявалася ад людзей і рабілася ўсе больш нясмелай. Я сталася тыповай “адзіночкай” і магла гадзінамі ні з кім не размаўляць.
***
Праходзілі гады, а я станавілася ўсё больш нясмелай і зачынялася ў сваім свеце. Нягледзячы на поспехі ў школе і па-за ёй, я адчувала сябе недаацэненай і поўнай комплексаў. Мне казалася, што я горшая за іншых. Таму я “ўцякала” ад людзей і не была ў стане збудаваць доўгатэрміновых адносін. Часта ў мяне былі перапады настрою: раз я была вясёлай, а праз хвіліну поўная суму і збянтэжанасці. Мой настрой не залежыў ад мяне і, калі прыходзіў “упадак”, я не магла сябе кантраляваць і ўпадала ў адчай.
Асабліва гэта ўзмацнілася, калі я стала дарослай. Я баялася самастойна прымаць якія-небудзь рашэнні і была вельмі несамастойнай. Хоць у мяне было шмат цікавых думак, я баялася зрабіць нейкія крокі да іх рэалізацыі. Ад страху я не была ў стане ўзяць на сябе ініцыятыву, часта з-за таго, што гэта патрабавала кантакту з іншымі людзьмі, а я баялася іхняй негатыўнай рэакцыі, адмовы, а менавіта проста баялася ізноў быць адкінутай.
Мой унутраны стан вельмі ўскладняў маё жыццё і адносіны з людзьмі. Таму я вельмі хацела нейкіх унутраных зменаў. Адначасова я ведала, што сама не ў стане разабрацца са сваімі праблемамі.
У хвіліны адчаю я звычайна ўзгадвала свайго бацьку. Тады я думала, што ўсё бы злажылася па-іншаму, калі б ён быў добрым мужам і татам. Увесь час я насіла ў сабе пачуццё таго, што ад мяне адмовіліся. Я адчувала, як моцна ён мяне пакрыўдзіў, кажучы, што я не яго дзіця.
***
У 2001 годзе ў нейкай штодзённай газеце я прачытала артыкул аб Абнаўленні ў Святым Духу – малітоўнай супольнасці ў Каталіцкай царкве. Я адчула, што павінна далучыцца да яе і, праз нейкі час, вырашыла пайсці на першае малітоўнае спатканне ў бліжэйшым касцёле. З таго часу я пачала рэгулярна хадзіць на сустрэчы малітоўнай групы і двойчы прымала ўдзел у гавенні. З моманту ўступлення да супольнасці я адчувала, што паступова нешта ўва мне змяняецца да лепшага. Як быццам малыя промні святла і надзеі пачыналі асвятляць цемру, якая была ўва мне. Я адчувала, што Бог распачаў выратаванне маёй хворай душы.
***
Праходзілі гады. У адзін дзень я выпадкова паслухала радыёперадачу з удзелам місіянера, які распавядаў аб Богу і аб сваёй працы. Госцем перадачы быў айцец Джэймс Манжакал – харызматычны місіянер, які прапаведуе Евангелле па ўсім свеце і які шчодра адораны Богам, у прыватнасці дарам вылячэння. Я яшчэ ніколі не чула, каб нехта казаў такім чынам аб Ісусе Хрысце і Яго бязмежнай Любві да чалавека. Аб Ісусе, які жыве, дзейнічае, аздараўляе, лечыць хворую душу і цела. Тое, што ён казаў аб Хрысце, было фантастычным! Калі я слухала, у мяне спантанна з’явілася вялікае жаданне стаць бліжэй да Бога і лепш Яго пазнаць.
У канца праграмы айцец памаліўся за тых людзей, якія слухалі гэтую радыёперадачу. Тады я адчула сябе неяк лепш, бо малітва напоўніла мяне вялікай надзеяй. Адразу пасля перадачы я знайшла сайт айца Джэймса (www.jmanjackal.net) і паслала яму паведамленне з просьбай аб малітве за маё духоўнае выздараўленне.
***
Праз некалькі тыдняў я выпадкова была ў іншай частцы горада, дзе мне трэба было разабрацца з пэўнымі справамі. Ідучы па ходніку, мімаходзь паглядзела на дошку з аб’явамі і ўбачыла абвестку аб гавенні ў адным з касцёлаў. У гэтым часе я не збіралася прымаць удзел у гавенні, таму я б напэўна не затрымалася і пайшла далей. Але мой позірк заўважыў адну дэталь, а менавіта выяву постаць, падобную да Ісуса. У гэтым не было бы нічога асаблівага, калі не той факт, што такая ж выява знаходзілася на сайце айца Джэймса Манжакала. На працягу некалькіх дзён я думала аб гэтым і прыйшла да высновы, што гэта нейкі знак для мяне. Усё ж такі я прасіла айца Джэймса аб малітве за мяне! І хоць раней у мяне не было такіх планаў, я вырашыла прыняць удзел у гавенні.
Падчас гавення я даведалася аб тым, які вялікі ўплыў на жыццё чалавека маюць крыўды з мінулага. Таму чалавеку неабходна духоўнае выздараўленне. Падчас супольнай малітвы я зразумела, якім параненым чалавекам я з’яўлялася. Адначасова я заўважыла, што мае крыўды і ўнутраны стан маюць карані ў ранішнім дзяцінстве, асабліва ў унутрывантробным перыядзе, калі мая мама была цяжарнай. Я атрымала выразны сігнал, што прычынай маіх праблем было стаўленне майго бацькі, тое што давялося перажыць маёй маме падчас цяжарнасці і тое, што адбылося адразу пасля майго нараджэння. Па гэтай прычыне я не адчувала асалоды жыцця, бо ўнутры мяне былі раны. Я насіла ярмо граху і віны майго бацькі, а таксама пачуццё адмовы. Я зразумела, што мне неабходна ўнутранае выздараўленне і пачала думаць, што мне трэба зрабіць, каб яго зазнаць.
***
Добры Гасподзь як звычайна паклапаціўся аб усім за мяне! Прайшло некалькі месяцаў, і аднойчы ў пэўную хвіліну, я адчула ўнутранае жаданне, уключыць радыё. Адразу пасля гэтага я пачула аб’яву, што ў мой горад прыязджае…айцец Джэймс Манжакал! Ён павінен быў весці чатырохдзённае гавенне пад назвай “У Яго ранах знаходзіцца нашае выздараўленне” і маліцца за хворых, якія мелі патрэбу ў вылячэнні. Я адразу зразумела, што гэта нешта для мяне. У канцы канцоў, я так моцна хацела скінуць гэты цяжар, які ўжо даўно мяне прыгнятаў.
Гэта было вельмі насычанае гавенне, якое падрыхтоўвала нас да прыняцця ласкі духоўнага выздараўлення. Штодзённа яно пачыналася ў 9.30 і скочвалася ў 20.00, а часам нават і пазней. Падчас гавення айцец Джэймс шмат казаў аб духоўных ранах, іх прычынах і аб неабходнасці ўнутранага выздараўлення. І ўсё аб чым ён казаў, ідэальна пасавала да мяне. Айцец Джэймс таксама шмат казаў пра тое, як знайсці крыніцу і прычыны крыўд і адчыніцца Ісусу, Яго Любві і ўнутранаму выздараўленню.
Я ставілася да гавення вельмі сур’ёзна і старалася прымяняць на практыцы тое, што казаў айцец Джэймс. Падчас гавення я пераканалася, што мае духоўныя раны маюць крыніцу як ва ўнутрывантробным перыядзе, так і ў перыядзе жыцця адразу пасля майго нараджэння. Акрамя гэтага я ўпэўнілася, што мае раны былі выкліканы стаўленнем майго бацькі да мяне. Айцец Джэймс шмат казаў аб неабходнасці прабачэння, без якога не можа быць духоўнага выздараўлення або любога іншага вылячэння. А я вельмі крыўдавала на бацьку… Таму я прасіла Ісуса, каб Ён дапамог мне прабачыць, бо я не была ў стане зрабіць гэта самастойна.
Дзеля гэтага я зрабіла дакладныя рахункі сумлення. Потым мела месца доўгая споведзь, сэнс якой заключаўся ў тым, што я выкідвала па чарзе з сябе ўсе крыўды, трывогі, слабасці – усё тое, што да таго часу мяне мучыла. Калі я выйшла са спавядальні, мне здавалася, што я як бы скінула з сябе вялікі цяжар.
Вечарам таго самага дня адбылася супольная малітва за духоўнае вылячэнне. Айцец Джэймс маліўся і прасіў Ісуса аб выздараўленні кожнага з удзельнікаў гавення. Падчас малітвы ён узгадваў усе этапы чалавечага жыцця, пачынаючы ад унутрывантробнага перыяду. Я вельмі моцна малілася, каб гэтым вечарам Ісус Хрыстос вылечыў і мяне.
Падчас малітвы я адчула, што са мной нешта адбываецца. Гэта цяжка апісаць, быццам мяне акунулі ў нешта, што пранізана дабрынёй і зычлівасцю. Я адчула цяпло ўнутры. Так, гэта была хваля ўнутранага цяпла, якая мяне поўнасцю напоўніла. Я проста адчувала сябе, так як быццам нехта мяне вельмі любіў і гэтая Любоў схілялася нада мной, ахутвала і пранізвала мяне…У адно імгненне ўсё знікла: крыўда і непрыязь да бацькі, раны і пачуццё адрынутасці. Я адчувала блажэнны спакой, унутраную цішыню і радасць, я сталася смелай, моцнай і магутнай.
Гэта быў неймаверны досвед і яго не магчыма з чымсьці параўнаць. З той хвіліны ўсё на гэтым свеце з’яўляецца для мяне толькі заменай сапраўднага шчасця. З таго часу я не шукаю і не жадаю ўжо нічога іншага, што магло бы зрабіць мяне шчаслівай. У гэтую адну хвіліну Ісус даў мне ўсё. Даў мне Сябе і Сваю бязмежную Любоў. Гэтага для мяне дастаткова.
І тады я ў першыню падумала добра аб сваім бацьку! Я зразумела, якім ён быў нешчаслівым чалавекам, бо жыў у палоне грахоў. Я адчувала, што ўсё яму прабачаю. Таксама я адчула, што на самой справе паміж намі ёсць цесная сувязь. Сувязь паміж бацькам і дачкой.
***
Калі малітва скончылася, было ўжо вельмі позна. Айцец Джэймс хутка накіраваўся да выхаду, каб пайсці на вячэрні адпачынак. Я пабегла за ім і злавіла яго пры самым выхадзе.
– Айцец, Ісус мяне вылечыў! – я сказала. А пасля дадала нешта, што ўжо здаўна круцілася ў маёй галаве, але асабліва ўзмацнілася ў той вечар:
– Айцец Джэймс, я хачу працаваць для Ісуса.
Айцец Джэймс шырока да мяне ўсміхнуўся і сказаў:
– Дай сведчанне!
А пасля, калі ўжо ён адыходзіў, яшчэ раз паўтарыў:
– Дай сведчанне!
Гэта і ёсць маё сведчанне.