10. Безуладнасць медыцыны

Як толькі ў мяне з’явіліся першыя сімптомы хваробы, я пачала шукаць дапамогі ў дактароў. Па чарзе я наведвала тэрапеўта, хірурга, артапеда, неўролага, акуліста, оталарынголага і эндакрынолага. Вынікі ўсіх зробленых аналізаў былі добрымі, таму так і не ўдалося знайсці прычыну маіх недамаганняў.

Наведванне дактароў стала для мяне звыклай справай. Толькі што з гэтага, калі ніхто не быў у стане мне дапамагчы. Бо як можна некаму дапамагчы, калі вынікі аналізаў былі добрымі? З медыцынскага пункту гледжання я была фізічна здаровым чалавекам. Але я ўсё роўна адчувала сябе ўсё горш і горш. Дактары разводзілі рукамі, яны лічылі, што мае недамаганні маюць “паза-фізічны” характар і прапісвалі мне вітаміны, раілі пешыя прагулкі і г.д.

– Вы толькі пасля аперацыі на шчытападобнай залозе, вам трэба пазбягаць стрэсаў, – сказаў адзін з дактароў.

Толькі як я магла гэта зрабіць, калі стрэс пастаянна суправаджаў мяне на працы? Як сцвярджаў мой шэф, праца ў стрэсе мае пазітыўны ўплыў на эфектыўнасць вынікаў. Такім чынам, было зусім немагчыма зліквідаваць стрэс з майго жыцця. Ён стаў маім пастаянным спадарожнікам, як у выпадку і іншых маіх супрацоўнікаў.

Аднойчы ад аднаго з дактароў, які не ведаў, што са мной рабіць я пачула: – Вы такая маладая, адкуль у вас столькі хвароб?

Цягам наступных некалькіх гадоў я вельмі пакутавала, але я рабіла намаганні справіцца і пераадолець недамаганні. Дзякуючы Богу і малітвам я перажыла самы складаны, да гэтага часу, перыяд у маім жыцці.

У той час у мяне былі моцныя галавакружэнні, якія рабілі цалкам немагчымым не толькі працаваць, але і проста існаваць. Галавакружэнні суправаджаліся такім моцным дысбалансам, што я мусіла абмежаваць сваю штодзённая дзейнасць да выйсця з сабакам за вароты панадворка. Стан майго здароўя мяне вельмі палохаў, таму я звярнулася да тэрапеўта, які адправіў мяне на абследаванне. Такім чынам ізноў пачалася мая хадзьба ад аднаго доктара да другога. Гэта доўжылася больш за шэсць месяцаў, з-за доўгага чакання прыёму наступных спецыялістаў. Я зрабіла неабходныя аналізы. І зноў усё яны былі добрымі. Не былі знойдзены прычына галавакружэння і дрэннага самаадчування.

                                                               ***

У рэшце рэшт, я апынулася ў адной з варшаўскіх бальніц, у спецыяліста па хваробам цягліц. Мне паставілі дыягназ – міястэнія (myasthenia gravis). Гэта невылечная хвароба цягліц, сімптомы якой можна толькі злагодзіць шляхам прыёму моцных псіхатропных прэпаратаў, альбо пры дапамозе складанай аперацыі  на залозе тымуса.

Я не магла паверыць, што я хварэю міястэніяй. Я звярнулася да некалькіх іншых дактароў. Большасць з іх да канца не аспрэчвала дыягназ, сцвярджаючы, што ён быў пастаўлены адным з найлепшых спецыялістаў Польшчы ў гэтай галіне. Тым не менш, адзін з іх пасеяў насенне надзеі ў мяне, казаў мне, што вынікі тэсту не паказваюць выразныя доказы названага вышэй захворвання.

Я адчувала сябе ўсё горш і, насуперак майму ранейшаму супраціву, я пачала прымаць некалі прапісаныя лекі супраць міястэніі. Але ў хуткім часе я заўважыла, што раблюся ад іх залежнай. Яны дзейнічалі як наркотык – пасля іх прыняцця сімптомы хваробы знікалі, я адчувала сябе моцнай, здаровай, я літаральна магла лётаць.

Страхі зніклі, а я магла атрымліваць асалоду ад жыцця. Аднак праз некалькі гадзін я адчувала сябе яшчэ горш, чым раней – усё цела было бяссільным, галава рабілася цяжкай, я ні на чым не магла засяродзіць сваёй увагі, я была як здранцвелая, ногі балелі яшчэ больш, я адчувала дзіўны ціск у грудзях. Акрамя гэтага я адчувала моцны ўнутраны голад, мне хацелася прыняць яшчэ адну таблетку. Дайшло да таго, што мае ногі ўсё часцей дранцвелі, аж, у рэшце рэшт, я пачала кульгаць на адну нагу. Тады доктар падвоіў мне дзённую дозу лекаў. Але я вельмі спалохалася таго, што можа здарыцца са мной далей і на ўласную рызыку я пачала абмяжоўваць прыём лекаў, якія ў дадатак значна аслаблялі мяне фізічна.

Аднойчы я адчула сябе настолькі дрэнна, што ледзьве магла самастойна рухацца. Я даслоўна валілася з ног, галавакружэнне ўзмацнілася і я не магла захаваць раўнавагу. Адпаведна я пайшла да наступнага доктара – неўрапатолага. Гэтым разам візіт доўжыўся больш за паўтары гадзіны.

Большую частку часу я адказвала на пытанні доктара, якія датычылі майго мінулага. Пасля абследавання і размовы дакторка адназначна заявіла, што прычынай паўтору недамаганняў з’яўляюцца перажыванні і непрыемны досвед апошніх некалькіх гадоў. Паводле яе словаў, няма іншага, больш верагоднага тлумачэння, а працэс вяртанне да здароўя, на яе думку, можа быць вельмі доўгім. Каб паскорыць працэс выздараўлення, доктарка прапісала мне моцныя псіхатропныя лекі, на жаль, прыём якіх праз месяц мне прышлося прыпыніць. Прычынай было тое, што мае недамаганні замест таго каб адступіць, яшчэ больш узмацніліся. Праз месяц я была настолькі аслаблена, што з цяжкасцямі выконвала звычайныя паўсядзённыя дзеянні. Ізноў на ўласную рызыку я прыпыніла прыём лекаў і прыйшла да высновы, што яшчэ адна спроба лячэння з дапамогай фармакалагічных сродкаў не ўдалася.

Гэтая падзея зацвердзіла мае перакананне, што ў маім выпадку выкарыстанне фармакалагічных сродкаў не з’яўляецца эфектыўным, а нават у значнай ступені – шкодным. Мой тагачасны стан я акрэсліла бы як знаходжанне на самым дне. Я вельмі хацела вылечыцца і вярнуцца да звыклага жыцця. Я часта сабе казала, што ўсё ж такі павінен быць нейкі шлях да нармальнага жыцця! Такім чынам, я ў роспачы шукала выйсце з гэтай сітуацыі.

У той жа час шмат знаёмых раіла мне паслугі розных біяэнергатэрапеўтаў і народных лекараў, распавядаючы аб эфектыўнасці іх лячэння. Але я адразу адхіліла рашэнні такога тыпу і не прымала іх да ўвагі. Я была пераканана, што гэта не для мяне. Акрамя таго, я баялася, што гэты від лячэння можа прынесці мне больш шкоды, чым карысці. Я чула не аб адным смяротным выпадку з-з лячэння такога тыпу.

Я разважала над сваёй сітуацыяй і думала, што мне рабіць далей. У рэшце рэшт, я дайшла толькі да адной высновы. Яна мне здавалася вельмі лагічнай:

Калі медыцына не можа дапамагчы мне вярнуць здароўе і нармальнае жыццё, то толькі цуд можа мяне ўратаваць!

І тады я падумала, што мой паратунак знаходзіцца толькі і выключна ў Богу.

Усё ж для Яго няма нічога немагчымага!

Таму я вырашыла звярнуцца да Яго з просьбай аб дапамозе.